РЭЗО́ЛЬНЫЯ СМО́ЛЫ, рэзолы,
тэрмарэактыўныя фенола-фармальдэгідныя смолы. Утвараюцца на пачатковай стадыі сінтэзу фенола-фармальдэгідных смол пры малекулярным лішку фармальдэгіду.
Вязкія вадкасці (шчыльн. 1140—1220 кг/м³) ці шклопадобныя цвёрдыя рэчывы (шчыльн. 1250—1270 кг/м³) ад светла-жоўтага да цёмна-рудога колеру, мал. м. 400—1000. Раствараюцца ў спіртах, кетонах, фенолах, водных растворах шчолачаў; цвёрдыя набракаюць у вадзе. Ацвярдзенне Р.с. ажыццяўляюць звычайна пры награванні (80—180 °C). Пры перапрацоўцы ў адрозненне ад навалачных смол доўга застаюцца ў вязкацякучым стане, што аблягчае фармаванне таўстасценных вырабаў. Выкарыстоўваюць як сувязнае для фенапластаў, цеплаізаляцыйных матэрыялаў, драўнінных пластыкаў, для вытв-сці кляёў, герметыкаў, лакаў.
т. 13, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)